| Фрэскі |
|
Будаўніцтва і ўпрыгожванне інтэр’ера мінскага касцёла выпала на самы актыўны перыяд развіцця стыля барока, і можна, без сумнення, параўноўваць яго былое ўбранне з самымі знакамітымі віленскімі храмамі 18 стагоддзя: касцёламі Святога Казіміра, Святога Яна, Святога Георгія. Пра тое, як выглядаў інтэр’ер касцёла ў 18—19 стагоддзях, можна меркаваць толькі па архіўных апісаннях. У дакументах захаваліся апавяданні аб алтарах, абразах, аздобленых аправамі, прыгожым, перавезеным з Нясвіжа жывапісным цыкле крыжовага шляху, рэліквіях капліц і г.д.
Усе вядомыя звесткі пацвярджаюцца рэстаўрацыйнымі работамі, якія праводзяцца ў касцёле з 1994 года. Дзве вялікія падзеі звязаны з імі: значнае навуковае адкрыццё і здабыццё свяшчэннага абраза. Была знойдзена паліхромія 18 стагоддзя, якая значна ўмацоўвае пазіцыі нашай культуры ў еўрапейскай прасторы: менш за дзесятак помнікаў такого роду захавалася на Беларусі, мінскія размалёўкі лепшыя з іх. Адна са сцэн здаецца прарочай: Ачышчэнне храма або, згодна евангельскаму апавяданню, Выгнанне Хрыстом гандляроў з Ерусалімскай святыні. Будынак касцёла ў Мінску каля паўстагоддзя да яго рэстаўрацыі выкарыстоўвалася не па прызначэнні: ён быў пераабсталяваны пад спартыўную залу. Таму размалёўкі, якія адкрыліся, не толькі ідэнтыфікуюць яго старажытнасць, але і заклікаюць адчуць іх знаходжанне як цуд здабыцця святога вобраза. Такім жа чынам у 17 стагоддзі ў Кракаве ў касцёле на Пясках адкрыўся намаляваны на сцяне абраз Маці Божай, які да сённяшняга дня славіцца цудамі. Раскрыццё размалёвак праводзяць вопытныя рэстаўратары з трыццацігадовым стажам працы майстры А.Тарасік, У.Нікіцін (вучань С.Шаціла), аб’яднаныя ў брыгаду пад кіраўніцтвам А.Шпунта. Па меры зняцця рэстаўратарамі шматлікіх пластоў пабелкі і замалёвак касцёл зацвярджаецца у статусе самага старажытнага і прыгожага з храмаў, якія захаваліся ў Мінску. Неабходна дачакацца заканчэння работы ў 2007 годзе, каб убачыць касцёл старажытным мастацкім ансамблем, упрыгожаным размалёўкамі глыбокага сакральнага сэнсу. Паслядоўна ў розныя дзесяцігоддзі 18 стагоддзя чатыры мастака ў Мінску стваралі цэласны па змесце і форме манументальны ансамбль, працягваючы і ўдасканальваючы традыцыі еўрапейскага перпектыўнага жывапісу. Паліхромія мінскага касцёла з’яўляецца прыкладам еўрапейскага жывапісу барока і класіцызму 18 стагоддзя. Яна адносіцца да тыпу квадратурных панарамных вобразатвораў, вядомых з эпохі Адраджэння і даведзеных да дасканаласці майстрамі 17—18 стагоддзяў Рубенсам, Пусэнам, Картана, Поца, Цьепала ў гарадах Рыме, Балоньі, Антверпене, Парыжы, Мадрыдзе. Размалёўкі галоўнага нефа адпавядалі ідэі тытула касцёла ў 1710—1798 гады — Імя Хрыста, Марыі і святой Барбары. Яны ўключаюць сцэны «Выгнанне гандляроў з Храма», «Унебаўзяцце Дзевы Марыі», аб’яднаныя намаляваным купалам. Кожная сцэна раскрывала адну з названых тэм. Часткі адрозніваліся толькі тэхнікай выканання і індывідуальнымі прыёмамі жывапісу. Гэты сцэны былі дапісаны і ўключаны ў 1750-я гады ў адноўлены інтэр’ер касцёла, які спатрэбілася ствараць у сувязі з пабудовай новага галоўнага алтара. Унутранае ўбранне касцёла пасля гэтых змен стала нагадваць касцёлы Вільні таго ж самага часу: скляпенні, пілястры, сцены ўпрыгожылі магутныя дэкаратыўныя завіткі ракайля на ружовым фоне і размалёўкі тэматычнага зместу. Тады ж было завершана аздабленне капліцы Ісуса, якую з сярэдзіны 19 стагоддзя і па сённяшні дзень называюць капліцай Феліцыяна. Да 1780-х гадоў гэты інтэр’ер некалькі разоў панаўлялі, захоўваючы і паўтараючы ўсе выявы на сценах і скляпеннях. У 1798—1800 гадах у інтэр’еры касцёла зноў адбыліся змены. Менавіта тады храм быў асвячоны пад кафедру мінскага біскупа па тытулам Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Мастакі змянiлі ружовы ракайльны колер і арнамент, але захавалі ўсе сюжэтныя размалёўкі і дадалі новую сцэну «Сыходжанне Святого Духа на апосталаў» над галоўным алтаром. Барочны дэкор быў зменены на класіцыстычны арнамент: упрыгожванні сцен, слупоў, пілястраў сталі нагадваць манументальны жывапіс Старажытнага Рыма. Уся гэта работа выконвалася Казімірам Анташэўскім, найбольш вядомым тады мінскім мастаком. Адначасова ў касцёл прывезлі з Нясвіжа серыю стацый Крыжовага Шляху і некалькіх алтарных абразоў на палатне. Маштабны рамонт касцёла ў 1854 годзе прывёў да панаўлення ўжо існуючага ансамбля размалёвак. Умяшальніцтва было няўдалым, што вызначыла непахвальную ацэнку мастацкіх якасцей інтэр’ера Уладзіславам Сыракомлем у яго знакамітым нарысе «Мінск» (1857). Пісьменнік прыняў панаўленне сярэдзіны 19 стагоддзя за работу мастака Анташэўскага канца 18 – пачатка 19 стагоддзяў, так што дасталося і заказчыку біскупу Я.Дадэрку. Рэстаўраўцыйныя работы дазваляюць разабрацца ў даволі складаных пытаннях даціроўкі і вырашыць многія гістарычныя непаразуменні. На працягу другой паловы 19 стагоддзя інтэр’ер касцёла некалькі разоў рамантавалі, жывапіс панаўлялі. Пасля закрыцця касцёла ў 1934 годзе ўсё, што можна было, з яго вынеслі. У гады вайны (1941-1945) для правядзення мшы вернікі былі вымушаны выкарстоўваць тэатральныя дэкарацыі. У 1951 касцёл перабудаваны пад спартыўную залу, з 1993—94 ён зноў дзейнічае. Сярод найбольш вядомых сценапісаў Беларусі (Нясвіж, Гродна, Магілёў, Мсціслаў) мінская паліхромія ўяўляе комплексны зрэз усёй беларускай гісторыі манументальнага жывапісу: яна ўключае ўзоры самых ранніх і самых позніх размалёвак 18 стагоддзя, дазваляе зразумець дынаміку, асаблівасці развіцця насценнага жывапісу стагоддзя. Барочна-ракайльны з класіцыстычнымі дэталямі ансамбль інтэр’ера ўяўляе асаблівасці нацыянальнай мастацкай школы і духоўнай культуры Беларусі 18 стагоддзя. Вольга Бажэнава. Гл. фотагалерэю ФРЭСКІ |











