| Арганы |
У далёкія часы сярэднявечча ўзнікла традыцыя ўпрыгожвання касцельных дзеяў, ці то Імшаў, ці то сакрамэтаў шлюбу або кансэкрацыі, і ўсіх вялікіх урачыстасцяў цудоўнай і велічнай музыкай арганаў. Гэтая традыцыя трывала ўмацавалася ва ўсёй Эўропе. Выразны глыбокі гук арганаў нібы набліжаў чалавека да нябёсаў, нагадваючы аб анёльскіх спевах і цудоўнай музыцы Раю, якую калісь ён чуў і яшчэ спадзяецца пачуць у іншым жыцці. Усе мы памятаем цудоўныя радкі нашага суайчынніка Міхала Клеафаса Агінскага аб "нябёсных арганах"...Нажаль у часы бязвер'я, што доўжыліся больш за 70 год, гэтая традыцыя амаль што знікла і захавалася хіба што ў выглядзе канцэртаў у філармоніях з выкананнем твораў Баха або яшчэ кагосьці з неўміручых капазытараў. Пасля сітуацыя пачала крыху змяняцца, святыні пачалі вяртаць вернікам, але многае было ўжо незваротна загублена. Урачысты нябёсны гук быў заменены штучным варыянтам электронных арганаў-граек, добрых, калі ўлічваць пустэльню, што панавала раней, але... Дагэтуль па неабсяжных абшарах краіны, па невялікіх вясковых касцёльчыках раскіданыя тыя ранейшыя "сапраўдныя" арганы, невядома якімі Высілкамі і якой велічэзнай Верай захаваныя. Многія з іх ужо ніколі не зайграюць.., многія, як арганы ў Basilica Minoris у Будславе, яшчэ можна выратаваць... У вялікіх гарадох традыцыя сакральнай арганнай музыкі была жорска вынішчаная, як і ўсё, што мела хоць якія адносіны да Веры. Шляхотную музыку немагчыма было ўпісаць у стандарты жыцця і мыслення савецкага чалавека. Шэдэўры арганнага майстэрства пераплаўляліся на станкі і зброю падчас індустрыялізацыі і вайны або проста разбіраліся на гаспадарчыя патрэбы. Менскі Архікатэдральны Касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі стаўся яскравым сымбалем Наймацнейшай Веры і Ахвярнасці людзей, намаганнямі якіх святыня паднялася з руінаў. Узняліся наноў вежы, пачалося аднаўленне фрэскаў. Адзінае, чаго не хапала галоўнаму касцёлу краіны - арганы. Напэўна, менавіта таму, такою сталася просьба кардынала Казіміра Свёнтка падчас ягонага візыту ў Аўстрыю у адказ на жаданне эпіскапата Аўстрыі зрабіць падарунак гэтаму мужнаму чалавеку, самавітаму сымбалю жорсткасці эпохі і нескарэння Хрысціяніна і Чалавека абставінам. Пачалася доўгая праца: праэктаванне, распрацоўка, перавозка арганаў па частках, зборка інструмэнта на мейсцы, настройка... Арганы у Архікатэдральным Касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі былі асвечаныя 10 снежня 2005 года ў час урачыстасці асвячэння галоўнага алтара святыні і каранацыі іконы Маці Божай. Інструмэнт, пабудаваны фірмай "Pflueger" з горада Фэльдкірх-Гізінгэн правінцыі Форальбэрг у Аўстрыі, з'яўляецца падарункам Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Аўстрыі Яго Эмінэнцыі ксяндзу Казіміру Кардыналу Свёнтку для нашага Архікатэдральнага Касцёла. У снежні 2002 года дырэктар фірмы Марцін Пфлюгер правёў акустычнае даследаванне Катэдры, было вызначана мейсца усталявання арганаў. Аўтар праэкта канструкцыі аргана - Уладзімір Неўдах, спецыяльна распрацаваў форму пабудовы інструмэнта, з улікам эканоміі месца на хорах для размяшчэння хора і аркестра. Ксёндз-прафэсар Ёган Труммэр з аўстрыйскага горада Грац кіраваў стварэннем дыспазіцыі аргана і арганізаваў увесь праэкт па фінансаванню і будаўніцтву інструмента. Вынік працы сапраўды ўражвае. Арганы Архікатэдральнага Касцёла незвычайнай прыгажосці і чыстасці гучання лічацца лепшымі на тэрыторыі Усходняй Эўропы. Гэта паўночнанямецкі барокавы тып інструмэнта, што адпавядае ўнутранаму і знешняму ўбранству святыні і дапаўняе яго. Усе металічныя і драўляныя часткі інструмента выраблены фірмай "Pflueger", а пазалота і разбярства па дрэву былі спансараваны супрацоўнікамі фірмы. У аргана тры мануала і педальная клавіатура, 33 асноўных рэгістра, таксама "Zimbelstern" - зорачка са званочкамі ў цэнтры праспекта аргана, для выкарыстоўвання ў час святаў Божага Нараджэння і „Gloeckenspiеl" - настороеныя званочкі для выкарыстоўвання ў Велікодны перыяд. Інструмэнт валодае механічнай ігравой і рэгістровай трактурай. Цяпер цяжка ўявіць Архікатэдру без арганаў. Ужо болей за год сапраўдныя нябёсныя гукі напаўняюць святыню амаль кожны вечар. Часта мелі мейсца канцэрты з цыклю "Musika Sacra" з удзелам беларускіх музыкаў і майстроў з замежжа: Уладзімер Неўдах, Ксенія Пагарэлая, Антаніна Калечыц (Беларусь), Ёган Труммэр (Аўстрыя), Гюнтэр Брант, Ёахім Айхгорн (Нямеччына), Даля Ятаўтайтэ (Літва), Магдалена Чайка (Польшча). Адбываліся выступы навучэнцаў Беларускай Акадэміі Музыкі, беларускіх хораў, а таксама салістаў з Беларусі, Францыі, Нямеччыны, хору з Кёльну. [ Фотагалерэя ] |












