| Асвячэнне галоўнага алтара і каранацыя алтарнага абраза |
|
У цудоўны зімовы дзень 10 снежня 2005 г. у мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адзначалася вялікая і радасная падзея, якая азнаменавала завяршэнне значнага этапа ў адраджэнні галоўнай каталіцкай святыні Беларусі. За сваю працяглую гісторыю шмат чаго давялося спазнаць гэтым старажытным святым мурам. Яны перажывалі перыяды росквіту і заняпаду, але з волі Божай цудам захаваліся ў віры бурлівых падзеяў. Архікатэдра — гэта не толькі галоўная каталіцкая святыня Беларусі, але і цудоўны помнік архітэктуры, які цудам перажыў жахлівыя гады «ваяўнічага атэізму», хоць і быў моцна знявечаны «будаўнікамі светлай будучыні». Касцёл, пабудаваны айцамі езуітамі на пачатку XVIII ст. у стылі барока, з утварэннем Мінскай дыяцэзіі ў 1798 г. стаў катэдральным. Першы Мінскі біскуп Якуб Дадэрка аднавіў святыню і пабудаваў у ёй новы велічны галоўны алтар у стылі класіцызму. Перажыўшы навалы дзвюх сусветных войнаў, храм у 1948 г. быў зачынены і перададзены спартыўнаму таварыству «Спартак». Да 1951 г. святыня была спустошана і ператворана ў дом фізкультуры. Перабудаваны будынак ужо нічым не нагадваў касцёла: з яго зніклі вежы, былі разбураны і знішчаны алтары, а замест іх з’явіліся спартовыя залы, у сутарэннях размясціўся стралковы тыр. Калі рэлігійны пераслед спыніўся, дзякуючы намаганням мінскіх каталікоў катэдра была вернута вернікам. Каб ізноў надаць знявечанай святыні выгляд дому Божага, улетку 1994 г. распачаліся рэстаўрацыйныя працы, якія працягваліся амаль 4 гады. Дзень 21 кастрычніка 1997 года стаў днём урачыстай рэкансэкрацыі мінскай катэдры. Праз сем гадоў з таго памятнага дня галоўная святыня нашай краіны вярнула сабе яшчэ адзін вельмі істотны элемент каталіцкай святыні — галоўны алтар. Урачыстую святую Імшу, падчас якой адбылося асвячэнне рэканструяванага алтара і новых арганаў, а таксама каранацыя абраза Імя Марыі Беззаганна Зачатай, цэлебраваў арцыбіскуп Мітрапаліт Мнска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк разам з усімі беларускімі біскупамі, прадстаўніком епіскапату Аўстрыі біскупам дыяцэзіі Грац – Сэкау Эганам Капеляры і шматлікімі святарамі з розных дыяцэзій Беларусі. Распачынаючы Імшу, кардынал Казімір Свёнтэк прывітаў усіх удзельнікаў урачыстасці, сярод якіх былі прадстаўнік Беларускага Экзархата братняй Праваслаўнай Царквы, Старшыня Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь С. І. Буко, іншыя прадстаўнікі дзяржаўнай улады, а таксама кіраўнікі і супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў у Рэспубліцы Беларусь. Затым Іерарх Касцёла абвясціў малітоўную інтэнцыю: «У сённяшнім урачыстым набажэнстве мы асабліва будзем маліцца за дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, а таксама за ўсіх, хто сваёю адданаю працаю прычыніўся да аднаўлення гэтай святыні». Пасля з кароткім прывітальным словам да прысутных звярнуўся таксама пробашч мінскай архікатэдральнай парафіі Антоній Клімантовіч, дзекан Мінскі. На пачатку ўрачыстасці былі асвячаныя інсталяваныя на хорах святыні арганы, пабудаваныя аўстрыйскай фірмай «Pflüger Orgelbau» — дар епіскапату Аўстрыі. Хараство архітэктуры святыні заўсёды дапаўнялася хараством сакральнай музыкі і спеваў, што традыцыйна гучаць у храмах. З даўніх часоў вядома выказванне: «Двойчы моліцца той, хто добра спявае». Музыка і спеў садзейнічаюць адзінству эўхарыстычнага сходу і надаюць абрадам большую ўрачыстасць. У Касцёле з даўніх часоў у найвышэйшай пашане знаходзяцца арганы — традыцыйны музычны інструмент — гук якога, такі падобны да чалавечага голасу, здольны перадаць незямное хараство анёльскіх спеваў, надаць асаблівую прыгажосць касцёльным урачыстасцям і імкліва ўзнесці душу да Бога і да неба. Праз здзейсненае кардыналам Казімірам Свёнткам асвячэнне, якое складалася з малітвы благаслаўлення, акраплення асвячанаю вадою і акаджэння, арганы былі прызначаныя для выкарыстання у святой літургіі. Яны ўпершыню загучалі падчас гэтай урачыстай Імшы, якая суправаджалася музыкай вялікага суайчынніка шчодрых ахвярадаўцаў Вольфганга Амадэя Моцарта у выкананні салістаў і Вялікага хора мінскага архікатэдральнага касцёла пад кіраўніцтвам дацэнта Беларускай акадэміі музыкі Уладзіміра Неўдаха, галоўнага арганіста архікатэдры. Некалькі твораў прагучала ў выкананні святара катэдры ў г. Грацы (Аўстрыя) доктара Ёгана Трумэра. Пасля гаміліі кардынала Казіміра Свёнтка і прачытанага сакратаром Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску ксяндзом пралатам Ежы Цудным спецыяльнага ліста прадстаўніка Святога Пасаду нунцыя Марціна Відавіча адбыўся, хіба што, найбольш велічны абрад урачыстасці — асвячэнне залатой кароны, зробленай за кошт ахвяраванняў вернікаў архікатэдральнай парафіі, і каранацыя абраза Імя Марыі Беззаганна Зачатай. Каранацыя абразоў як праява пашаны да Найсвяцейшай Панны Марыі бярэ пачатак у людской пабожнасці, якая развівалася з самага пачатку існавання Касцёла. Панна Марыя, пакорная Слуга Пана, Маці Езуса Хрыста — Сына Божага — стоячы пад крыжам, стала Саўдзельніцаю Яго справы збаўлення і адкуплення чалавецтва. Узятая з душою і целам у неба, з рук свайго Боскага Сына — Валадара Сусвету — Яна прымае карону вечнай хвалы і тытул Каралевы без граху першароднага зачатай і ўнебаўзятай. Традыцыя выяўлення Панны Марыі Каралевы, вядомая з часоў Эфесскага Сабору — з V стагоддзя, атрымала шырокае распаўсюджанне як на Усходзе, так і на Захадзе. Звычай каранаваць абразы Панны Марыі з’явіўся ў XVI стагоддзі, а яшчэ праз сто гадоў быў ужо зацверджаны Папамі спецыяльны абрад каранацыі. Такога прывілею ўдастойваюцца далёка не ўсе абразы, а толькі тыя, што маюць багатую гісторыю, якія праславіліся шматлікімі цудамі. Каранацыя мінскага абраза — незвычайная, таму што ён пакуль што не мае доўгай гісторыі, пры ім яшчэ не адбылося ніводнага аздараўлення ці навяртання. Але гэтая прыгожая выява Панны Марыі была падаравана нашаму касцёлу Слугою Божым Янам Паўлам ІІ, які, асвячаючы абраз на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, выказаў жаданне, каб ён быў каранаваны. Таму гэтая каранацыя стане знакам даручэння Касцёла ў Беларусі і ўсяго нашага народа Матчынай апецы Святой Багародзіцы, а таксама выразам падзякі Найсвяцейшай Панне Марыі ад імя ўсяго Касцёла і асабліва ад імя беларускіх каталікоў за захаваны праз Яе заступніцтва скарб веры, які не ўдалося знішчыць ворагам Хрыста за доўгія гады пераследу. На пачатку Эўхарыстычнай літургіі адбылося асвячэнне новазбудаванага галоўнага алтара. Першае значэнне слова алтар — ахвярнік, месца, дзе складаецца ахвяра Богу. У Святым Пісанні мы чытаем пра алтар, пабудаваны справядлівым Абэлем, знаходзім падрабязнае апісанне алтара ерузалемскай святыні і яшчэ мноства іншых алтароў, якія людзі будавалі на хвалу Найвышэйшага Бога. Хрыстус, які прыйшоў у свет, каб скласці адзіную дасканалую Ахвяру Новага Запавету, сам стаў алтаром і ахвярным Ягнём. Таму ў хрысціянскай святыні алтар заўсёды з’яўляўся сімвалам самога Хрыста і быў акружаны асаблівай пашанай вернікаў. Змяняліся часы, змяняўся знешні выгляд алтароў, іх аздабленне. Але ніколі не змянялася тое найважнейшае значэнне, якое мае алтар у кожным касцёле: як у маленькай сціплай каплічцы, так і ў велічнай катэдры. У гэтыя дні спаўняецца 40 гадоў завяршэння II Ватыканскага Сабору. Вынікам літургічнай рэформы гэтага Сусветнага Сабору стаў новы алтар, пры якім святар можа цэлебраваць святую Імшу, стоячы тварам да людзей. Аднак старажытныя велічныя алтары да гэтага часу ўпрыгожваюць нашыя святыні і разам з тым не з’яўляюцца проста нейкім элементам дэкору. Касцёл вучыць нас, што «Найсвяцейшы Сакрамэнт павінен захоўвацца ў табэрнакулюме ў найбольш годнай, выдатнай і заўважнай частцы касцёла, прыгожа аздобленай і прыдатнай для малітвы». Гэтым патрабаванням найлепш адпавядае менавіта колішні галоўны алтар — найбольш годнае і ўзнёслае месца ў кожнай старадаўняй святыні. Таму адбудова галоўнага алтара ў мінскай архікатэдры — гэта не толькі і не столькі вяртанне святыні яе гістарычнага інтэр’еру, але перадусім падарунак Пану Езусу ў абвешчаны Святым Айцом Янам Паўлам ІІ Год Эўхарыстыі. Тут, на гэтым алтары, знаходзіцца табэрнакулюм, у якім заўсёды будзе прабываць сам Хрыстус у Эўхарыстычнай постаці. Паабапал, як сімвал падмурку нашай веры, фігуры святых апосталаў Пятра і Паўла — стаўпоў Касцёла. У цэнтры будзе змешчаны ўкаранаваны абраз Імя Марыі Беззаганна Зачатай — як знак таго, што там, дзе Ёсць Сын, заўсёды разам з ім прабывае і Яго Беззаганная Маці. Праз Яе і мы можам прыйсці да Хрыста, і менавіта гэты шлях — самы надзейны. Гэтаму вучыў нас Вялікі Папа Ян Павел ІІ, чый герб увенчвае асвячаны алтар уверсе і які заўсёды будзе нагадваць нам пра гэты цудоўны дзень і гэтую ўрачыстасць. Пасля Камуніі і малітвы над дарамі прамовіў Старшыня Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь С. І. Буко, які зачытаў зварот да іерархаў Касцёла і вернікаў. Затым сваімі ўспамінамі пра рэстаўрацыю катэдры падзяліўся кіраўнік прац архітэктар Віктар Вільк, пасля чаго прадстаўніца архікатэдральнай парафіі падзякавала кардыналу Свёнтку за ўсё, што ён зрабіў для іх святыні і ўсяго Касцёла ў Беларусі. На заканчэнне кардынал Казімір Свёнтэк, дзякуючы ўсім прысутным, у прыватнасці, сказаў: «Асаблівую падзяку ад імя мінскай архікатэдральнай парафіі і ўсяго Касцёла ў Беларусі я скіроўваю Святому Айцу Яну Паўлу ІІ, які — я ўпэўнены — глядзіць на нас з дому Нябеснага Айца і падзяляе з намі гэтую вялікую радасць. Няхай падараваны і асвячаны Вялікім Папам абраз Імя Марыі Беззаганна Зачатай будзе для Касцёла ў Беларусі і ўсяго нашага народа бачным знакам няспыннай апекі Найсвяцейшай Багародзіцы. Пасля заканчэння Імшы жанчыны, якія прыехалі на ўрачыстасць з Аўстрыі, згодна з прынятым у іх краіне звычаем, частавалі ўсіх жадаючых, у тым ліку і кардынала Свёнтка, пернікамі ў форме сэрца. Адразу пасля заканчэння набажэнства распачаліся мантажныя працы па замацаванні ўкаранаванага абраза Імя Марыі Беззаганна Зачатай на прызначаным для яго месцы ў алтары, каб у трэцюю нядзелю Адвэнта, якая па першым слове антыфоны на ўваход называецца «Gaudete» — «Радуйцеся», — новы алтар ва ўсім сваім харастве радаваў сэрцы вернікаў. Паводле Catholic.by Глядзі таксама:
З хронікі: |











